Майстры Гомельскага раёна займаюцца вырабам лялек з захаваннем народных традыцый

12 марта 2021

Для гульні і ў якасці абярэгаў, матанкі і вязаныя, з тканіны і дрэва — нашыя лялькі мелі рознае прызначэнне. Дагэтуль майстры Гомельскага раёна займаюцца іх вырабам з захаваннем народных традыцый.

Жыхарка аграгарадка Мічурынская Наталля Сыбатава кручком і спіцамі валодае віртуозна: вязала прыгожае адзенне, аздабляла яго карункамі і кветкамі. Потым майстрыха вырашыла змяніць амплуа і пачала рабіць лялькі, а адзенне для іх часта выконвала ў народным стылі.

Яе работы, гэтаксама, як і вучаніц (у той час Наталля Міхайлаўна працавала ў Брылёўскай сярэдняй школе, вяла гурток “Фантазія”) былі адзначаны на высокім узроўні: заваявалі другое месца ў рэспубліканскім творчым конкурсе, а таксама двойчы былі ў ліку лепшых на абласным конкурсе “Рознакаляровая мазаіка”.

— Калі некалькі гадоў таму перайшла працаваць у дом культуры, часта ўдзельнічала ў падрыхтоўцы тэатралізацыі народных абрадаў — Масленіцы, Купалля і іншых. У той час я захапілася вязаннем лялек і вырашыла зрабіць іх не толькі ў народным стылі, але і стварыць тэматычныя кампазіцыі.

Так з’явілася вязаная работа “Сардэчна запрашаем”, потым — Купалле і нават Масленіца, дзе чучала вось-вось ахопіць полымя. Пакуль лялькі невялікія, але ж у планах майстрыхі звязаць іх у поўны рост у адзенні, якое б адпавядала ўсім нацыяльным традыцыям. Зараз Наталля Міхайлаўна часта вяжа лялькі для малых дзетак, так званыя сплюшкі, каб немаўлятка хутка супакоўвалася і добра заснула.

7770011.jpg

661-03-09_20-12-13.jpg

77021-03-09_20-12-14.jpg

— Для вязання лялек дзеткам я выкарыстоўваю самыя лепшыя ніткі, якія прызначаны для дзіцячай вопраткі, — дзеліцца майстрыха. — А вось для лялек у нацыянальным строі — толькі льняныя.

У нейкі час у Беларусі, як і на ўсёй пастсавецкай прасторы, вялікай папулярнасцю карысталіся лялькі Барбі.

Але ж пазней многія зноў вярнуліся да самабытных вытокаў. Некаторыя нават вырашылі рабіць лялькі, якія б выгадна адрозніваліся ад заморскай дзяўчыны: матэрыяламі, арыгінальным адзеннем у нацыянальным стылі, прыгажосцю і дабрынёй — карацей, усім, чым так славяцца беларусачкі!

— Наша лялька лепей Барбі! — упэўнена Наталля Сыбатава. — Бо яе можна зрабіць не проста для гульні , але і для засцярогі ад усяго ліхога!

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара.

Текст взят с сайта https://sozhnews.by