Як і амаль стагоддзе назад, у панядзелак пасля Вялікадня ў Маркавічах і Гадзічаве правялі абрад Сула. Нягледзячы на тое, што яна была прызвана “абудзіць зямлю” і падрыхтаваць да засявання і будучага добрага ўраджаю, з цягам часу гэты язычаскі абрад супаў са святкаваннем Вялікадня. У 2019 годзе абрад быў прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.
Так і павялося: у першы дзень пасля Уваскрэсення Хрыстова, пабываўшы на малебне ў храме, жыхары Гадзічава з песнямі і танцамі ішлі да Маркавіч. І ўжо тут, у полі ў канцы вёскі жанчыны і дзеўкі “заводзілі танка” — пачыналі вадзіць карагод, каб “усё ў нас радзіла, і каб маланка нас не біла!”.
Абрад Сула (дарэчы, гэтае слова азначае рух, плынь) меў сакральнае значэнне — карагод сімвалізаваў і сонца, і ў той жа час лічыўся абярэгам. А тры дзяўчынкі, якія абавязкова знаходзіліся ў цэнтры кола-карагода, і якіх потым жанчыны падымалі ўверх, — гэта пажаданне дзеткам расці здаровымі і дужымі, а таксама добрага ўраджаю.
Згодна з традыцыяй, адна з жыхарак Маркавіч з кулічом ці пасхай на тканым рушніку і такімі словамі сустракала гасцей: “Як прайшоў Хрыстос усе мукі, узялі Яго пад рукі. Яго маці стаяла і такія слава прамаўляла: “Сыне мой, як будзеш Ты васкрасаці, будуць цябе ангелы страчаць, са святым васкрасеннем паздраўляць! Хрыстос уваскрос!”. А жанчына з Гадзічава ёй адказвае: “Дай Бог і на той год даждаць светлага Хрыстова васкрасення ў шчасці і здароўі! Хрыстос уваскрос!” — і абедзьве хрыстосуюцца. Так было і сёлета.
Сёлета на Сулу ў Маркавічы прыехалі ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Яромушкі” Яромінскай дзіцячай школы мастацтваў і фальклорны ансамбль “Спадчына” з Урыцкага, выступілі і школьнікі Маркавіцкай установы адукацыі. Каля дома культуры былі арганізаваны выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, таксама ўсе жадаючыя наведалі майстар-клас па народна-побытавым танцам і ўпрыгажэнню вялікодных яек.
Ірына ГРАМЫКА. Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.
Текст взят с сайта https://sozhnews.by/zhizn-rajona/sjonnya-markavichakh-i-gadzichave-pravyali-abrad-sula