Традыцыі Масленіцы: «сонейка на патэльні» збярэ ўсіх за сталом

12 марта 2021

Масленіца — найлепшы перыяд, каб наведаць родзічаў і сяброў, паласавацца блінамі, бо ў кожнай сям’і ёсць свае сакрэты прыгатавання «сонейка на патэльні».

— Малако заліваю, муку засыпаю, дабаўляю алей, каб жылося весялей! Крышку солі, але не насолю, а каб жыццё было саладзей — цукру, — дзеліцца рэцэптам смачных бліноў жыхарка вёскі Зябраўка Таццяна Майсеенка. — Традыцыйна на Масленіцу за сталом збіраецца ўся наша вялікая сям’я: трэба ж папрасіць адзін у аднаго прабачэнння, ды пачаставацца любімай стравай з рознымі начынкамі!

Таццяна Міхайлаўна часта пякла бліны ў печы, таму з ахвотай дзеліцца сакрэтамі, як прыгатаваць смачныя і пульхныя жоўценькія кружочкі «сонейка на патэльні». І кожны раз, калі завіхаецца ля печы, успамінае сваю матулю Наталлю Іванаўну: вось тая была майстрыха бліны пекчы! Нагатуе на вялікую сям’ю танюсенькіх блінчыкаў — ажно на прасвет свецяцца — пакуль не з’ясі, за вушы ад такой смакаты не адцягнеш!

12a35458166e99234d_L.jpg

— Найлепшыя для бліноў — дубовыя дровы, — адзначыла ўвішная гаспадыня. — А начынка да іх любая падыдзе: і салодкая, і мясная, а то і шкварачка на патэльні, засмажаная са смятанай ды цыбуляй. Смаката!

Ірына ГРАМЫКА. Фота Ірыны КАНАВАЛАВАЙ.

Текст взят с сайта https://sozhnews.by