
Традыцыйнае свята адной з самых аддаленых вёсак нашага раёна — Рудні Марымонавай — сёлета прайшло пад сімвалічнай назвай “Малая радзіма маёй Беларусі”.
Мерапрыемства сабрала шмат людзей, бо да вяскоўцаў далучыліся таксама іх дарослыя дзеці і ўнукі, якія прыехалі сюды на выхадныя. Вядучыя свята Тамара Бандарэнка і Вольга Казлова распачалі праграму з прыгожых вершаваных радкоў аб роднай вёсцы, напісаных былым дырэктарам школы Нінай Бярнадскай (дарэчы, пазней на свяце прагучалі вершы Галіны Калоша і іншых мясцовых талентаў).
Слова для прывітання было пра-дастаўлена старшыні Руднема-рымонаўскага сельвыканкама Сямёну Чэчыкаву, які выказаў падзяку жыхарам за любоў да роднай вёскі, клопат аб яе добраўпарадкаванні, за захаванне мясцовай гісторыі і традыцый. Павіншаваў і выказаў добрыя пажаданні сваім прыхажанам і гасцям свята айцец Пётр, настаяцель храма Узнясення Гасподня.
Па летапісных крыніцах, Рудня Марымонава вядома з XVIII стагоддзя як прыватнае ўладанне памешчыц Валадзьковай, а затым Хацяноўскай. А археалагічныя знаходкі гавораць аб тым, што людзі тут жылі яшчэ ў перыяд жалезнага веку. Насычанай і цікавай была гісторыя вёскі і ў больш блізкі час. Гэта пацвердзіла выстава экспанатаў і дакументаў Руднемарымонаўскага школьнага гістарычнага музея.
На свяце гаварылі аб земляках, што шмат зрабілі для росквіту роднай зямлі, ветэранах, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Успомнілі трагічныя ваенныя старонкі, калі фашысты спалілі 87 вясковых падворкаў і загінула больш за 80 мясцовых жыхароў.
У другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя вёска прыняла перасяленцаў з Чачэрскага раёна, пацярпеўшага ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яны ўнеслі немалы ўклад у развіццё вёскі, а захаваныя імі традыцыі і абрады сваёй малой радзімы надалі новы каларыт культурнаму жыццю Рудні Марымонавай.
Старшыня сельвыкан-кама Сямён Чэчыкаў уручыў Падзячныя лісты прадстаўнікам арганізацый і вытворчых падраздзяленняў, што працуюць у гэтым населеным пункце. Былі ўшанаваны калектывы выт-ворчага ўчастка МТФ “Рудня Марымонава” ААТ “Саўгас-камбінат “Сож”, РЭЦ “Рудня Марымонава” КЖУП “Гомельскі райжылкамгас”, а таксама мясцовыя работнікі адукацыі, культуры, гандлю, паштовай сувязі, аховы здароўя. Усім ім Сямён Сяргеевіч выказаў вялікую падзяку за плённую працу і любоў да свайго краю.
Расказваючы аб свяце, нельга не назваць яшчэ дзве выставы, падрыхтаваныя спецыяльна да гэтага дня. Рабяты з ДУА “Руднемарымонаўскі яслі-сад – база-вая школа” пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Кацярыны Цяклюк стварылі серыю малюнкаў “Вёска вачыма вучняў”, якую прадэманстравалі аднавяскоўцам. А мясцовы аматар садаводства і агародніцтва Таісія Мялешка прадставіла цуда-гародніну, вырашчаную на ўласным участку (адной толькі бульбы тут было тры “экзатычныя” гатункі), а яшчэ кансервацыю, зробленую сваімі рукамі.
На працягу праграмы гучалі музычныя нумары ў выкананні настаўніка музыкі Таццяны Пронінай і яе вучняў, салісткі Ганны Цітковай, аматарскага калектыву народнай творчасці “Душы перазвоны” Руднемарымонаўскага клуба-бібліятэкі. А галоўным музычным сюрпрызам стаў удзел у мерапрыемстве гомельскіх артыстаў Уладзіміра Марозава і Сяргея Леўчанкі, якія падрыхтавалі вялікі канцэрт.
Пастараліся і работнікі Цярухска-га філіяла Гомельскага райспажыў-таварыства. Прапанаваныя імі прысмакі карысталіся ў гасцей свята вялікім попытам. А медсястра Тамара Ліфатава прыгатавала цэлых два вядры гарбаты з лекавых раслін, якую з задавальненнем выпілі госці свята.
Текст взят с сайта http://sozhnews.by/obshchestvo/dzen-vjoski-adznachyli-rudne-marymonavaj